Случчанка Аліна Нагорная – матуля маленькага Стэфана. Дзіцё зараз вучыцца размаўляць. Яго бацькі беларускамоўныя, таму і сам хлопчык расце беларускамоўным. Аліна расказала часопісу «LAMPA», дзе шукае «развівашкі» і мульцікі, а таксама як Стэфан адчувае сябе ў рускамоўным асяроддзі.
Ажыятаж на дзіцячай пляцоўцы
Калі мы проста знаходзімся дома, усё цудоўна. Як толькі выходзім на вуліцу, пачынаецца нейкі перформанс. На дзіцячай пляцоўцы, у краме, на вуліцы мы проста размаўляем і на нас адразу абарочваюцца ўсе прысутныя. І пачынаюць разглядаць. Мяне такія сітуацыі заўжды засмучваюць, а здараюцца яны часта. Часам да гэтага дадаюцца пытанні, ці заўжды мы па-беларуску размаўляем. Ці не баюся я сапсаваць яму будучыню. Часам людзі пачынаюць апраўдвацца, што яны не размаўляюць па-беларуску і прыводзяць усе стандартныя адгаворкі. Хаця я ў іх увогуле ні пра што не запытвалася. Часам дзякуюць за беларускую мову, але мяне гэта не менш напружвае, бо гэта сведчыць, што беларуская мова ў Беларусі – рэдкая з’ява. Я гэта і так ведаю і шмат што раблю дзеля беларускай мовы. Але я прыходжу на пляцоўку менавіта каб пагуляць са Стэфанам і не хачу псаваць сабе настрой.
Адсутнасць цацак з беларускай мовай
Цацак, што «размаўляюць» па-беларуску, ну проста не існуе. Вось зусім. Я ўжо паўтары гады іх шукаю і пакуль не знайшла. Таму нам бабуля падаравала слоніка-паўтарашку і Стэфан можа размаўляць па-беларуску сам-насам. А так, каб нешта націскаеш і там колеры па-беларуску, лічбы ці хоць проста песні – такога не існуе.
Агулам цацак з беларускімі літарамі, словамі, кубікаў, магніцікаў і гэтак далей – амаль няма. Нешта можна знайсці, але трэба вельмі напружыцца. У рускамоўных бацькоў няма такой праблемы. З цацак, менавіта з беларускай мовай у нас ёсць толькі магніцікі з літарамі. Іх нам падаравалі сябры.
Пакуль гэта нашыя асноўныя складанасці. Нам зараз толькі год і 10 месяцаў і я разумею, што далей з’явяцца і іншыя.
Пра кнігі для беларускамоўных дзетак
З кнігамі ўсё значна лепш. У нас увогуле вялікая бібліятэка беларускіх кніг, у тым ліку дзіцячых. Мы набывалі іх у выдаўцоў наўпрост, часам у крамах. Выдавецтвы «Коска», «Янушкевіч», «Кнігазбор», «Галіяфы» і іншыя. Не ўсе яны зараз працуюць, але іх кнігі яшчэ можна адшукаць у кніжных крамах.
Дзе можна знайсці беларускамоўныя мульцікі для маленькіх дзетак? Дзіцячыя фільмы?
Мульты, аўдыякнігі і іншае тут: https://gavarun.by/
Заняткі, вершы, казкі, мульты і іншае: https://www.movananova.by/dzetkam/
Вось тут «Свінка Пэпа» па-беларуску, наш любімы мульт. Можна паставіць плэйліст на паўтор, вельмі зручна: https://www.youtube.com/user/kinakongby/playlists
Вось тут людзі сабралі аўдыёкнігі па-беларуску з усіх пляцовак у адным месцы. https://audiobooks.by/ Ёсць разддзел «Дзецям і падлеткам».
Дарэчы, я дапамагала стварыць гайд для бацькоў «Як выхоўваць дзяцей беларусамі». Там таксама шмат спасылак: https://kids.sojka.io/
Як размаўляе Стэфан
З большага, Стэфан гаворыць стандартны для яго ўзросту набор словаў. З цікавага — «шкарпэткі». Пакуль цалкам не кажа, але спрабуе. І ведае, што гэта. У нас слова «шкарпэткі» часта ўжываецца, бо Стэфан такі крутун-вяртун, што яны з яго ўвесь час злятаюць.
Размаўляе па-беларуску, бо іншай мовы ён амаль не чуе. Сваякі, з большага, таксама намагаюцца па-беларуску размаўляць. Але, калі яму кажуць нешта па-руску, ён разумее.
Пра складанасці, якія яшчэ чакаюць наперадзе
Я рэалістка і разумею, што адукацыі па-беларуску ў Беларусі яшчэ доўга не будзе. Ёсць заканадаўства – Канстытуцыя Беларусі, Закон «Аб мовах», Кодэкс «Аб адукацыі». І гэтае заканадаўства гарантуе выбар мовы выхавання і навучання. Але на практыцы ўсё зусім не так.
Я напісала кнігу «Мова 404», у якой змяшчаюцца гісторыі моўнай дыскрымінацыі беларусаў. І там ёсць і некалькі гісторый пра адукацыю. Пра тое, што амаль немагчыма арганізаваць беларускамоўны гурток у садку, беларускамоўны клас у школе. Людзі нават судзіліся за законнае права сваіх дзяцей навучацца па-беларуску. Бывае і так, што чалавек дзеля адукацыі па-беларуску запісвае дзіця ў беларускамоўны клас, а школа знаходзіцца вельмі далёка. І вось яны пачынаюць туды ездзіць, і ў выніку аказваецца, што гэты клас беларускамоўны толькі на паперы.
Я бачыла шмат выпадкаў, калі людзі проста апускалі рукі. Часам бацькі запісвалі дзяцей у прыватныя ўстановы і ўсе іх грошы шлі на садок/школу, бо ў Беларусі кошт прыватнай адукацыі каля 400-600 даляраў на месяц. Часам людзі проста з’язджалі за мяжу, бо ў Беластоку і Вільні прасцей знайсці беларускамоўныя садкі і школы, чым у Беларусі.
Пра садок для Стэфана я ўжо нават не мару. Садок у Беларусі неабавязковы. Канешне, мне б вельмі хацелася каб Стэфан мог мець больш зносін з пагодкамі, але я разумею што зараз, на фоне ўсяго, што адбываецца агулам з беларускай мовай і беларускімі ініцыятывамі, я проста не вытрымаю яшчэ і гэтае змаганне. У яго ёсць сябры, ёсць, з кім камунікаваць, і мы можам бавіць з ім час, для нас садок не крытычна важны.
А вось школа… Зараз Стэфану яшчэ няма і 2-х гадоў, а мы ўжо маральна рыхтуемся да гэтай вайны.