Людміла Запрудская, тэхнік-асеменатар з Чэрвеньскага раёна, — беларуская паэтка, якую любіць народ. У сваім тыктоку яна выкладвае відэа, дзе чытае свае вершы, і ролікі набіраюць дзесяткі тысяч праглядаў, тысячы лайкаў і сотні ўдзячных каментароў. Бо творы Людмілы — і лірычныя, і сатырычныя, — заўсёды б’юць «у яблычка», прымушаючы слухачоў то смяяцца, то плакаць, а то і добра задумацца.
Нядаўна Людміла выклала верш пра вёску «А мне сёння прыснілася вёсачка…». Ён вельмі балюча аддаўся ў сэрцах слухачоў, што страцілі малую радзіму і родных. З дазвалення Людмілы LAMPA публікуе гэты верш. А пасля яго — яшчэ адзін, які таксама, на нашую думку, вельмі актуальны для сучаснай вёскі.
@luciamatiunas
А мне сёння прыснілася вёсачка…
А мне сёння прыснілася вёсачка.
І такой, як калісьці была.
Там стаяць яшчэ ліпы высокія
і таполі на ўскрайку сяла.
Там і свірны яшчэ не развалены,
і кнігарня ў арэхавых шатах
ля канторы стаіць не спалена.
На пагорачку — доўгая хата.
І кантора пажарам не знішчана.
Сцежка вузкая ў дворык бяжыць.
За старымі высокімі вішнямі,
пакасіўшыся, пуня стаіць.
Бачу сад я, прыгожы, пабелены.
Хоць даўно таго саду няма.
І дарога да копанкі сцелецца.
А мо й копанка ўжо зарасла.
Нешта сэрца маё хвалюецца.
Не бягу, а лячу я з гары
па такой, як была раней, вуліцы.
Заглядаю ў суседзяў двары.
Наша хата. Адкрытыя веснічкі.
Для калодзежа камень ляжыць.
Усе вокны святлом мяккім свецяцца.
Бацька мой каля печы сядзіць.
Мама бульбу ў вядро абірае.
І браты размаўляюць з сястрой.
А мяне нібы не заўважаюць.
Кожны заняты справай сваёй.
Я крычу, што абняць усіх хочацца —
і сястру, і братоў, бацьку з маці.
Ды не чуюць мяне нябожчыкі.
Неяк стала няўтульна ў хаце.
Зноў на вуліцы я апынулася.
А ў вушах — ці то кліч, ці то звон.
Зашумела, і — бах! — я прачнулася.
Гэта быў толькі сон… толькі сон…
Мы на гэтай зямлі — проста госці.
Трэба яблыкаў спелых нарваць
і схадзіць да магіл на пагосце.
Сёння спас. Я не буду й чакаць.
А вось яшчэ адзін верш Людмілы пра вёску. Не такі сумны, больш філасофскі, але таксама вельмі актуальны для сённяшніх вяскоўцаў і выхадцаў з вёсак.
@luciamatiunas
Што за лямант на ўсю вёску?
Што за трэск і дзікі роў?
За памежную палоску
у суседзяў спрэчка зноў.
Анця бульбу пасадзіла,
а зямлі — я раскажу —
на паўплуга не хапіла,
дык убілася ў мяжу.
Дзед Кастусь з казой двуногай —
туды-сюды па раллі.
Памянулі не раз бога,
ды і чорта прыплялі.
І ляцяць абразаў словы
і праклёны цераз плот.
Так раней народ вясковы
ваяваў за свой гарод.
Божа мой! Дзе вясна тая?
Няма Анці, Кастуся.
Пустазеллем зарастае
на гародах зямля ўся.
Зараслі травой канавы
і дзялянкі зараслі.
Бо цяпер няма і справы,
дзе пад сена браць зямлі.
І няма ў сяле больш статку,
лыскі з поля не ідуць.
Ні авечку, ні цялятка
больш на выган не вядуць.
Нават візгаў парасячых
пад Каляды не чуваць.
Мне здаецца, што іначай
стала вёска выглядаць.
Сонца наваколле будзіць.
Быжыць час, як калаўрот.
А што ж далей з вёскай будзе,
як міне шчэ дваццаць год?